27 лістапада, у апошні дзень літургічнага года члены руху Equipes Notre-Dame арганізавалі і правялі чарговы сямейны баль. Сваімі ўражаннямі дзеліцца сужэнская пара Алёна і Генадзь Манчынскія.
У кожнага з нас ёсць сям’я, дзеці, праца. Кожны наш дзень напоўнены клопатамі, турботамі, абавязкамі. Мы ўвесь час некуды спяшаемся, за кагосьці хвалюемся. Кожны наш дзень падобны адзін да другога. А так хочацца адпачыць ад гэтай мітусні, забыць пра ўсе справы і апынуцца ў коле сяброў, з якімі ўтульна, прыемна, весела.
Як часта вы сустракаецеся са сваімі сябрамі? Ці патрабуеце гэтых сустрэч? Ці шукаеце іх? Ці рыхтуецеся да іх? Ці гатовыя адкласці дзеля гэтых сустрэч свае, нават вельмі важныя, справы?
Скажам пра сябе: «Так! Мы патрабуем! Шукаем! Рыхтуемся! І гатовыя дзеля гэтых сустрэчаў з сябрамі адкласці ўсе свае справы!”
27 лістапада, у суботу, у апошні дзень літургічнага года адбылася такая сустрэча сяброў. Члены руху Equipes Notre-Dame арганізавалі і правялі чарговы сямейны баль, на якім з вялікай радасцю сустрэліся з тымі, хто ўжо стаў не проста спадарожнікам на шляху да святасці, а сапраўдным сябрам. Гэта быў прыемны вечар з цёплымі ўсмешкамі, прыгожымі кампліментамі і, канешне, захапляльнымі танцамі. Не абышлося і без вясёлых гульняў і смачных пачастункаў. Кожная сямейная пара падрыхтавала нешта цікавае, каб парадаваць усіх астатніх.
Мы ўсе вельмі чакалі гэты баль. Планавалі, шукалі прыгожае адзенне, прыдумлялі цікавыя заданні, раіліся адзін з адным. І гэты час падрыхтоўкі быў таксама вельмі прыемным. З вялікім задавальненнем мы збіраліся на рэпетыцыі. Гэта была яшчэ адна магчымасць сустрэцца з сябрамі.
Наша суполка ўжо ў трэці раз арганізоўвае такі баль, і кожны раз мы пераконваемся, што такія імпрэзы нам вельмі патрэбныя. Навошта? Каб адарвацца ад штодзённых справаў, каб адпачыць ад турботаў і працы, каб адчуць, што жыццё — гэта не толькі абавязкі, і што мы самі можам упрыгожваць і рэгуляваць сваё жыццё. І стараемся ўпрыгожваць яго сяброўскімі сустрэчамі як мага часцей.
Мы не перастаем дзякаваць Пану Богу за рух Equipes Notre-Dame; за тое, што Ён паклікаў нас у гэты рух; за тое, што, дзякуючы руху, нашы адносіны з Богам і сужонкам узрастаюць і ўзмацняюцца; за тое, што мінавіта ў гэтай супольнасці мы знайшлі сяброў. Дзякуем за нашых святароў, ксяндза Алега і ксяндза Уладзіміра, якія заўсёды разам з намі, якія ўмацоўваюць нас у веры і ў сяброўстве.
Тэкст: Алёна Манчынская, Генадзь Манчынскі
Фота: Віталій Палінеўскі
Відэа: Віталій Палінеўскі, Кс. Уладзімір Марушэўскі SChr
Матэрыялы ўзяты з сайта jan.by