Не ўхіляйцеся адно ад аднаго ў Хрысце
У рэкалекцыях Руху END, тэмай якіх сёлета выбраны пытанні будавання сужэнскіх адносінаў і блізкасці, прынялі удзел 19 пар. Сужэнцам з дзеткамі дапамагалі аніматары: дзякуючы іх самаадданай працы бацькі мелі магчымасць засяродзіцца на духоўных практыкаваннях і прысвяціць час адно аднаму.
У сваіх канферэнцыях кс. Андрэй Лысы SChr звярнуў увагу, што сужэнскія адносіны будуюцца на трох узроўнях – розуму, волі і любові. На кожным з іх ёсць высілкі і плёны, а пэўныя занядбанні вядуць да разбурэння еднасці. Святар таксама закрануў пытанні фізіялогіі і маралі сужэнскай блізкасці з пазіцый вучэння Каталіцкага Касцёла.
Псіхалагічныя аспекты сужэнскіх адносінаў у шырокім разуменні і інтымнай блізкасці разгледзела сп. Вераніка Рогач, хрысціянскі псіхолаг і сямейны дарадчык.
Лектары дзяліліся з удзельнікамі матэрыялам, заснаваным на прафесійных ведах, Божым слове, веравучэнні Каталіцкага Касцёла, актуальных навуковых даследаваннях у псіхалогіі і фізіялогіі. Гэта дазволіла па-новаму паглядзець на сужэнскія адносіны, усвядоміць прыгажосць, выключнасць і святасць блізкасці паміж мужам і жонкай.
Глыбока перажыць рэкалекцыі дапамагалі супольная малітва, невялічкія служэнні, знаёмствы удзельнікаў адно з адным, практыкаванні ў міні-групах, Адарацыя і магчымасць споведзі.
А запрашэннем да шчырага сужэнскага дыялогу, які ёсць падставай для адносінаў, стаў падрыхтаваны арганізатарамі сюрпрыз – сапраўдны рамантычны вечар.
Вялікі дзякуй кс. Андрэю, сп. Вераніцы, Артуру і Кацярыне Ваяводскім – арганізатарам рэкалекцый, а таксама аніматарам і ўсім удзельнікам за цудоўны час духоўнага ўзрастання.
Адлюстраваннем перажытай атмасферы стаў цудоўны верш аднаго з удзельнікаў, Віталія Яцкевіча з Лагойска:
Складана мне той верш пачаць, які павінен расказаць.
Пра ўсе падзеі ў жыцці, што дазваляюць уверх расці.
Бярэ пачатак ўся падзея ў дзень, а нават пад вячэру.
Калі Артур патэлефанаваў і запісацца прапанаваў.
І вось у вечар пасля працы з каханай сталі сабірацца.
Адразу шмат сумненняў, нават смутак:
“Якое узяць адзенне і абутак?
Куды дзяцей малых падзець, каб больш зручней з усімі пасядзець?”
І вырашыўшы ўсе пытанні гэтай фазы,
у дарогу кінуліся мы адразу.
Прыехаўшы на месца, размясцілісь,
пасля сваім жыццём мы падзялілісь:
“Дзе мы, адкуль, і хто такія,
якія справы ў нас, і мы самы якія.”
А раніцою, амаль з ранку, распачалася ў нас навука - не гулянка.
Пачулі там, як трэба жыць сужонкам, а па-народнаму - мужу з жонкай.
Навука тая - наша дапамога, якая йдзе ад сэрца, мабыць, Бога.
Каб жылі мы па правілам, законам,
якія слушныя прад нашым Богам:
“Кахаць павінен жонку муж,
але і сам каб ён ёй быў не чуж.”
Увечары на балі для каханых,
мы разважалі аб сямейных справах,
і што за дзень тут з намі адбылося,
і тое, што ў думках засталося.
А сёння пасля супольнага дзялення,
адправімся ўсе па сваіх сяленнях,
з якіх сюды мы паз'язджалісь,
навуку спасцігалі, развівалісь.
Падзякаваць хачу я сёння Богу,
што Ён мяне мяне вядзе ўласціваю дарогай.
З Артурам, Кацяй пазнаёміў,
сюды прывёў без нейкіх перашкодаў.
І Вам ўдзячны ўсім, сябры,
што побач з намі тут былі,
і на навуцы, на святой Імшы,
дарылі частачку нам сваёй душы.
Няхай усіх Вас Бог аберагае,
цяплом і ласкаю бацькоўскай атуляе.
І водзіць толькі той дарогай,
дзе добры словы будуць перамогай.
І каб былі мы побач, недалёка,
калі патрэбна будзе наша дапамога.
Тэкст: Вольга Краскоўская
Верш: Віталій Яцкевіч
Фота: Дзмітрый і Караліна Дабаровіч
Каб паглядзець фатаграфіі ў добрай якасці перайдзице па спасылцы: Фатаграфіі ў добрай якасці






