З 2 па 4 кастрычніка прайшоў апошні у 2026 годзе тур рэкалекцый Руху Equipes Notre-Dame, аб’яднаных глыбокай і вельмі важнай тэмай – “Не ўхіляйцеся адно ад аднаго ў Хрысце”. У рэкалекцыйны дом у Баранавічах прыехала 20 сужэнскіх пар, якія падчас рэкалекцый неаднойчы падкрэслілі асаблівую актуальнасць гэтай тэмы для сужэнцаў усіх узростаў і з любым вопытам сумеснага жыцця. Сужэнцы выказалі шчырую падзяку спікерам, якія прафесійна і даступна асвятлілі далікатныя пытанні сужэнскага жыцця, а таксама арганізатарам, якія з асаблівым клопатам ставіліся да кожнага ўдзельніка, ствараючы ўтульную і сямейную атмасферу.
Айцец Андрэй Лысы SChr распавядаў пра еднасць у сужэнстве ў цэлым і пра погляд Каталіцкага Касцёла на пытанні сужэнскай блізкасці. Высокі прафесіяналізм у спалучэнні з тонкім гумарам святара стварылі цудоўную атмасферу даверу і шчырасці.
Псіхолаг Вераніка Рогач падрабязна разгледзела сужэнскую блізкасць як дар ад Пана Бога. Спадарыня Вераніка распавяла пра важнасць пяшчоты для жанчыны і разумення мужчынскай фізялогіі, асобна спынілася на своеасаблівых “інструкцыях” да мужа і да жонкі, а таксама правяла шмат практыкаванняў. Гэтыя практыкі дазволілі сужэнцам глыбей пазнаць адно аднаго праз позірк, сумесныя разважанні, дыялог па падрыхтаваных пытаннях і працу ў групах.
Адметна, што ўсе канферэнцыі і практычныя заданні былі цесна звязаныя са Словам Божым па дадзенай тэме. А сапраўдным падарункам для ўдзельнікаў стаў рамантычны вечар у фармаце ўтульнай кавярні з павольнымі танцамі і часам, які можна было правесці толькі ўдваіх.
Духоўным стрыжнем рэкалекцый былі штодзённая Святая Імша, Адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, малітва на Ружанцы і Вяночак да Божай Міласэрнасці. Пры гэтым кожная сужэнская пара мела сваё служэнне і адказнасць: праспяваць псальм на Літургіі, паразважаць над таямніцай Ружанца ці адказваць за музычнае суправаджэнне. Паклапаціліся арганізатары і пра фізічны адпачынак: удзельнікаў чакалі смачныя пасілкі, кава-паўзы, якія сталі выдатнай магчымасцю для шчырых зносін і бліжэйшага знаёмства, а таксама час для прагулак удваіх на свежым паветры.
Для бацькоў, якія прыехалі з дзецьмі, незаменнай дапамогай стала ахвярнае служэнне аніматараў Ганны Капуста і Паліны Ручан. Дзяўчаты зладзілі для дзяцей майстар-клас па вырабе Ружанца, малявалі, гулялі, разам хадзілі на прагулку і спявалі з імі, пакуль дарослыя ўдзельнічалі ў праграме.
Адметна, што ў гэтых рэкалекцыях упершыню прынялі ўдзел 5 сужэнскіх пар, частка якіх яшчэ праходзіць пілатаж. Сваімі ўражаннямі падзяліліся адны з дэбютантаў – Аляксандр і Маргарыта Клімовіч з Мінска:
“На сужэнскіх рэкалекцыях Руху END мы з мужам першы раз. Было шмат перажыванняў, бо з намі была дачка (1,9 год). Але ўжо вечарам, на знаёмстве з парамі, стала зразумела, што мы там, дзе павінны быць: нам раздалі метафарычныя карткі з выявамі пар, і якім было здзіўленне ўбачыць на выпадкова выцягнутай картцы гісторыю пра сябе! І, як мне падалося, кожная пара выцягнула менавіта сваю картку.
Тэма рэкалекцый “Не ўхіляйцеся адно ад аднаго ў Хрысце” нічога раней нам не казала. Але ўжо з першай канферэнцыі айца Андрэя ўсё стала зразумела. Гэта тэма вельмі актуальная для кожнай пары розных узростаў, але як радавалася маё сэрца, што з такіх важных, базавых тэм распачынаецца маё сужэнскае жыццё (бо нашаму сужэнству толькі тры гады).
Вельмі ўдзячны арганізатарам за смеласць і вушы, якія прыслухоўваюцца да патрэб пар, што арганізавалі такую тэму. Вялікая ўдзячнасць айцу Андрэю, што так проста, прыгожа, з цудоўным пачуццём гумару раскрыў тэму сужэнскай блізкасці. Я лічу, што кожнае сужэнства павінна распачынаць свой шлях з такімі ведамі. Бо гаварыць пра гэта не сорамна, а натуральна. Падчас канферэнцый не хацелася чырванець і хаваць вочы, а толькі захапляцца і радавацца, як цудоўна стварыў Бог мужчыну і жанчыну, што стварыць сям’ю – гэта пакліканне, і Бог нас не толькі благаслаўляе, але і прысутны ў кожным моманце.
Дзякуй спадарыні Вераніцы за яе прафесіяналізм і адкрытасць, за глыбіню падачы матэрыялу.
Якім прыемным сюрпрызам аказалася арганізаванае для нас спатканне на другі вечар! Мы танцавалі, зноў глядзелі ў вочы адзін аднаму, дзякавалі, мелі смачны і тонка прадуманы пасілак і нікога навокал не заўважалі, акрамя вачэй каханага. Так цудоўна, што ўсё прадумалі за нас. У кожным моманце, у кожнай дробязі адчувалася ўвага і клапатлівая апека арганізатараў. Усё прайшло на высокім прафесійным узроўні, і нават наша маленькая дачушка быццам праніклася атмасферай мерапрыемства і дазволіла бацькам плённа правесці гэты час) Чакаем новыя, не менш цікавыя рэкалекцыйныя сустрэчы!”
Тэкст: Кацярына Ваяводская, Маргарыта Клімовіч
Фота: Алег і Ірына Дзердзей
04.10.2026
Каб паглядзець фатаграфіі ў добрай якасці перайдзице па спасылцы: Фатаграфіі ў добрай якасці






