Мэта Суполак Маці Божай — дапамагчы сужэнствам ва ўсёй паўнаце перажываць сакрамэнт сужэнства.
«Асноўная мэта Суполак Маці Божай — дапамагаць сужэнствам на шляху да святасці. Ні больш, ні менш» (кс. Анры Кафарэль).
Мы жывём у эпоху кантрастаў. З аднаго боку, у свеце трыумфуюць разводы, здрады, свабодныя саюзы, неамальтузіянства, з іншага — штораз часцей ствараюцца сужэнствы, якія імкнуцца да сапраўднага хрысціянскага жыцця. Некалькі такіх сужэнстваў заснавалі Суполкі Маці Божай:
• яны імкнуцца выконваць абяцанні, дадзеныя падчас хросту;
• хочуць жыць для Хрыста, з Хрыстом і праз Хрыста;
• аддаюцца Яму безумоўна;
• прагнуць служыць Яму безагаворачна;
• прызнаюць Яго Пастырам і Панам свайго сужэнства;
• яго Евангелле прымаюць за канстытуцыю сваёй сям’і;
• хочуць, каб іх любоў, асвечаная сакрамэнтам сужэнства, была:
- ушанаваннем Бога,
- выразным сведчаннем перад людзьмі таго, што Хрыстус захаваў іх любоў,
- выпраўленнем грахоў чалавецтва супраць сужэнства;
• яны прагнуць паўсюль быць місіянерамі Хрыста;
• адданыя Касцёлу, яны імкнуцца заўсёды адгукацца на просьбы свайго біскупа і сваіх святароў;
• імкнуцца быць кампетэнтнымі ў сваёй прафесійнай працы;
• кожным сваім учынкам хочуць супрацоўнічаць з воляю Бога і служыць іншым людзям.
Гэтыя сужэнствы, ведаючы свае слабасці і межы сваіх магчымасцяў, штодзень спазнаючы тое, як цяжка, нягледзячы на іх добрую волю, жыць па_хрысціянску ў паганскім свеце, і непахісна верачы ў моц братэрскай дапамогі,
п а с т а н а в і л і с т в а р ы ц ь с у п о л к у .
Суполкі — гэта не дыскусійныя групы, а трывалыя арганізмы, якія складаюцца з людзей, што прагнуць служыць іншым.
Ніхто не абавязаны ўступаць у іх або там заставацца.
Аднак той, хто ў іх уступае, павінен з павагаю выконваць іх правілы.