Чым з’яўляецца рух Équipes Notre-Dame? (1977)

Версия PDF

Версия Word

 

ЧЫМ З’ЯЎЛЯЕЦЦА РУХ ÉQUIPES NOTRE-DAME? (1977)

Што такое суполка Маці Божай?

1. ПЛАН

«Ідзі за мной» – гэтым заклікам Хрыстос звяртаецца да кожнага з нас, да кожнага з нашых сужэнстваў, запрашаючы нас больш шырока адкрыцца на Яго любоў, каб сведчыць пра Яго ў тым месцы, якое Ён нам вызначыў.

Сужэнцы, якія жадаюць адказаць на гэты заклік, ведаючы свае слабасці, спадзяючыся на ласку сакрамэнту сужэнства, перакананыя ў дзейснасці братэрскай дапамогі і абяцанні Хрыста: «Дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх» (Мц 18, 20), вырашылі стварыць суполку і просяць Рух дапамагчы ім у гэтым. Гэта супольны план сужэнстваў Equipes Notre-Dame.

2. ВЫГЛЯД

Суполка Маці Божай – гэта хрысціянская супольнасць сужэнстваў.

2.1. Супольнасць

Ад пяці да сямі сужэнстваў, якіх падтрымлівае святар, дабравольна ствараюць суполку Маці Божай. Ніхто не ўступае ў яе і не застаецца ў ёй пад ціскам ці прымусам. Кожны з нас актыўна трывае ў ёй, верны Святому Духу.

Каб дасягнуць агульнай мэты, удзельнікі суполкі абавязваюцца верна ўдзельнічаць у жыцці супольнасці.

Жыццё супольнасці кіруецца ўласнымі правіламі і патрабаваннямі, якія фарміруюць агульныя мэты і дапамагаюць выбраць канкрэтныя спосабы іх рэалізацыі (гл. ч.3); кожны ўдзельнік суполкі лічыць гэтыя выбары сваімі, пакуль ён належыць да яе.

Суполка сама з'яўляецца часткай большай супольнасці, міжнароднага руху Équipes Notre-Dame, з якім яна цалкам падзяляе сваё жыццё.

2.2. Хрысціянская супольнасць

Суполка Маці Божай – гэта не звычайная супольнасць людзей. Яна збіраецца «ў імя Хрыста» і жадае дапамагчы сваім членам узрастаць у любові да Бога і бліжняга, каб лепш адказаць на заклік Хрыста.

Хрыстос хацеў, каб бачная супольнасць стала месцам прыняцця і практыкавання любові, якую Ён перадаў нам. Ён сабраў супольнасць, паабяцаў ёй сваю прысутнасць, даў свайго Духа, даручыў місію несці радасную навіну ўсяму свету. Гэтай супольнасцю з’яўляецца Касцёл, які ёсць Целам Хрыста і служыць супольнасці людзей.

Гэтая вялікая супольнасць складаецца з розных малых супольнасцяў. Нават калі гэтыя супольнасці не маюць сваёй структуры, яны ўдзельнічаюць у жыцці Касцёла, як кожная клетка ўдзельнічае ў жыцці ўсяго цела, у жыцці, якое з’яўляецца любоўю Хрыста да Айца і да людзей.

Суполка Маці Божай – адна з такіх малых супольнасцяў. Яна хоча быць з’яднанай з Айцом, у цеснай еднасці з Касцёлам і цалкам адкрытай на свет. Гэтай мэце служыць яе структура.

Святар, які «ўвасабляе Хрыста як Галаву супольнасці» (Сінод Біскупаў, 1971), падтрымлівае яе, каб яна не згубіла канчатковай мэты свайго існавання.

2.3. Супольнасць сужэнстваў

Хрысціянскае сужэнства само па сабе з’яўляецца асаблівай «хрысціянскай супольнасцю».

З аднаго боку, гэтая супольнасць заснавана на чалавечай рэчаіснасці: гэта свабодны, канчатковы і плённы дар, які мужчына і жанчына даюць адно аднаму праз сужэнства. З іншага боку, гэтая чалавечая рэальнасць у Хрысце становіцца сакрамэнтам, знакам, які выражае любоў Бога да людзей, любоў Хрыста да Касцёла і робіць сужэнцаў удзельнікамі гэтай любові.

Хрыстус асаблівым чынам прысутнічае ў сужэнстве: Яго любоў да Айца і да людзей змяняе ўнутраную чалавечую любоў. Таму чалавечая любоў, перажытая па-хрысціянску, па сваёй сутнасці з’яўляецца сведчаннем пра Бога, а з яе паўнаты вынікае апостальская дзейнасць сужэнства.

Узаемадапамога ў суполцы Маці Божай набывае асаблівую форму: сужэнствы дапамагаюць адно аднаму «будавацца» ў Хрысце (будаванне сужэнства — гэта бесперапынная праца) і аддаваць сваю любоў на служэнне Божаму Валадарству.

Суполка Маці Божай аддаецца пад апеку Панны Марыі. Такім чынам, яе ўдзельнікі падкрэсліваюць сваю ўпэўненасць, што няма лепшага кіраўніка на шляху да Бога, чым Тая, якая... «займае першае месца сярод пакорных і ўбогіх Госпада, якія з даверам чакаюць ад Яго збаўлення і атрымліваюць яго» (Lumen Gentium, 55).

3. ШЛЯХ

Для кожнага хрысціяніна ёсць толькі адзін шлях —  Езус Хрыстус, уцелаўлёнае Слова Божае: «...шчаслівыя, хто слухае слова Божае і захоўвае яго!» (Лк 11, 28).

Рух Équipes Notre-Dame не прымушае сваіх членаў да пэўнай духоўнасці; ён проста хоча дапамагчы сужэнцам ісці шляхам Хрыста. Для гэтага прапануе:

  • напрамкі жыцця
  • канкрэтныя пункты высілку
  • жыццё суполкі

3.1. Напрамкі жыцця

Галоўны напрамак – гэта напрамак любові, якую прынёс нам Хрыстос.

«Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім, і ўсёй моцаю тваёй… Любі бліжняга твайго, як самога сябе» (Мк 12, 30-31).

Узрастанне ў гэтай любові – гэта заданне на ўсё жыццё. Рух Équipes Notre-Dame прапануе сваім членам дапамогу, таму просіць іх:

— дапамагаць адно аднаму ўзрастаць у Божай любові наступным чынам:

  • прызначыць малітве вельмі важнае месца ў сваім жыцці;
  • рэгулярна сустракацца са Словам Божым і ўсё лепш жыць ім;
  • пастаянна паглыбляць пазнанне праўдаў веры;
  • часта прыступаць да сакрамэнтаў, асабліва да Эўхарыстыі;
  • пазнаваць і практыкаваць хрысціянскую аскезу;

— дапамагаць адно аднаму ўзрастаць у  любові да бліжняга праз:

  • сапраўдную сужэнскую дапамогу – слуханне, дыялог, дзяленне – ва ўсіх сферах, асабліва ў духоўных справах;
  • пастаянны клопат аб хрысціянскім выхаванні дзяцей;
  • практыкаванне гасціннасці і адкрытасці;
  • канкрэтнае сведчанне любові Хрыста – асабліва праз удзел у жыцці Касцёла і мясцовай супольнасці.

3.2. Канкрэтныя пункты высілку

Як паказвае вопыт, без практыкі вызначаныя напрамкі жыцця могуць стаць мёртвай літарай. Таму Рух прапануе сваім членам:

  • выконваць шэсць дакладна вызначаных «абавязкаў»;
  • прасіць членаў сваёй суполкі аб рэгулярным кантролі і дапамозе ў гэтай справе: гэтым з’яўляецца «дзяленне» падчас штомесячнай сустрэчы.

«Абавязкі» наступныя:

1.    Рэгулярнае «слуханне» Божага Слова.

2.    Штодзённае прызначэнне часу на «сустрэчу» з Богам «тварам у твар» (асабістая малітва).

3.    Штодзённая сустрэча мужа і жонкі на сужэнскай малітве (і, калі гэта магчыма - сямейнай).

4.    Штомесячны сапраўдны сужэнскі дыялог у прысутнасці Бога («Сядзем разам»).

5.    Устаноўка «правіла жыцця» і штомесячны яго перагляд.

6.    Штогадовы ўдзел у рэкалекцыях (прынамсі 48-гадзінных і, калі гэта магчыма, супольна з сужонкам), каб стаць тварам да твару перад Богам.

3.3. Жыццё суполкі

Суполка не з’яўляецца самамэтай, а сродкам для служэння сваім членам. Яна дае магчымасць:

  • лепш перажываць малітву і дзяленне;
    • плённа дапамагаць адно аднаму ісці за Госпадам і даваць сведчанне пра Яго.

У жыцці любой хрысціянскай супольнасці можна вылучыць тры аспекты, тры важныя моманты ў жыцці суполкі:

  • разам з Хрыстом суполка звяртаецца да Айца, каб прыняць Яго любоў;
  • у Хрысце суполка дзеліцца гэтай любоўю: «Адзіныя сэрцам і душою» (Дз 4, 32);
  • натхнёная Святым Духам, суполка пасылае сваіх членаў у свет, каб паказаць гэтую любоў;

Гэтыя тры аспекты перажываюцца ў першую чаргу на штомесячнай сустрэчы, якая складаецца з наступных частак:

  • пасілак, які з’яўляецца асаблівым часам сяброўства;
  • супольная малітва, якая з’яўляецца цэнтрам і вяршыняй сустрэчы і часам можа прымаць форму Эўхарыстыі;
  • «дзяленне» (рэалізацыяй канткрэтных пунктаў высілку) і «дзяленне жыццём» – гэта час узаемнай дапамогі, асабліва духоўнай і апостальскай;
  • абмен думкамі па тэме месяца, які з’яўляецца асаблівым часам паглыблення веры.

Жыццё суполкі не абмяжоўваецца штомесячнымі сустрэчамі. Малітва ў адзінстве з іншымі членамі суполкі ў іх інтэнцыях, дзяленне, узаемадапамога трываюць на працягу ўсяго месяца ў той форме, якую суполка сама вызначыць.

Адказная пара, якую штогод выбіраюць члены суполкі, клапоціцца, каб усе сапраўды ўдзельнічалі ў жыцці супольнасці. Каб узаемная дапамога была плённай і каб кожны адчуваў сябе прызнаным, любімым і прынятым у супольнасці.

Для гэтага Рух запрашае кожнага канкрэтызаваць сваю прыналежнасць да Équipes Notre-Dame:

— на ўзроўні суполкі:

  • прымаючы ўдзел у штомесячнай сустрэчы;
  • рыхтуючыся да сустрэчы ў малітве і разважанні;
  • запісваючы плёны разважанняў па тэме месяца;

— на ўзроўні Руху:

  • сачыць за жыццём Руху, асабліва чытаючы Ліст;
  • старацца жыць тымі арыенцірамі, якія дае ўсім Рух, і ўдзельнічаць ў яго ініцыятывах;
  • прымаць ўдзел у сустрэчах, арганізаваных на розных узроўнях;
  • прымаючы ўдзел у жыцці Руху і яго апостальскай місіі:

– прымаючы на сябе адказнасць;

– праз штогадовую ахвяру працы аднаго дня;

– далучаючы да сваёй малітвы інтэнцыі кожнага члена Руху.

ПАДСУМАВАННЕ

Рух Équipes Notre-Dame – гэта рух сужэнскай духоўнасці. Ён прапануе сваім членам жыццё ў суполцы і канкрэтныя сродкі, каб дапамагчы ім узрастаць у сужэнстве і сям’і, у любові да Бога і бліжняга.Такім чынам, ён рыхтуе іх даваць сведчанне, форма якога застаецца на выбар кожнай пары. Хоць гэта не рух акцыі, ён жадае быць рухам актыўных людзей.

Верасень 1976 г.

 

 

 ФОТА ГАЛЕРЭІ
Хвала Хрысту!

Зараз 150 госцяў анлайн

Вітаем Вас на старонцы Equipes  Notre-Dame – Суполкі Маці Божай. З’яўляемся беларускім рэгіёнам міжнароднага руху сужанскай духоўнасці Equipes Notre-Dame, галоўная мэта якога – дапамога хрысціянскім сем’ям найбольш поўна перажываць сакрамант шлюбу.

life :) (025) 759 13 62
МТС (029) 570 48 45
Vel.: (029) 968 26 06
Чакаем навіны на um5@tut.by