Правіла жыцця
Адзінства з Богам
Уступ
Рух Equipes Notre-Dame дае нам канкрэтныя парады, якія дапамагаюць развіваць нашу чалавечнасць і ўзрастаць духоўна. Агульнай падтрымкай з᾽яўляюцца канкрэтныя пункты высілкаў. Некаторыя з іх прызначаны для сужэнства. Мы дзелімся з членамі экіпы сваiм духоўным ростам, якога дасягнулі ў сужэнстве, дзякуючы рэалізацыі гэтых пунктаў высілкаў. Больш таго, Рух абавязвае кожную асобу, якая прыняла Карту, выконваць асабісты пункт высілку, якім з᾽яўляецца «Правіла жыцця».
Разуменне «Правіла жыцця» ў гісторыі Руху мянялася. Таму падаецца істотным высветліць, як сёння трэба разумець «Правіла жыцця», каб гэты пункт высілку даваў лепшы плён і каб яго прасцей можна было рэалізаваць у нашым жыцці.
Ксёндз Кафарэль чэрпаў натхненне са статутаў манаскіх супольнасцяў, калі прапанаваў ідэю прыняцця правіл свецкім людзям, якія жывуць у сужэнстве. Адно з іх – гэта «Правіла жыцця». Калі мы ахвотна яго прымаем, то адказваем на заклік Бога. Сутнасць гэтага правіла заключаеца ў выбары аднаго або некалькіх напрамкаў працы над сабой, у якіх кожны з нас будзе прыкладаць намаганні дзеля дасягнення прагрэсу.
«Правіла жыцця» вельмi патрэбна, таму што дазваляе нам перш за ўсё ўзрастаць у здольнасці любіць, любіць больш і больш.
І. З якіх крыніц нам вядома аб «Правілы жыцця»?
1. Біблійныя карані
Стары Запавет
У Старым Запавеце першымі правіламі, якія Бог накіроўвае да людзей, з᾽яўляюцца 10 запаведзяў (Друг. 5,7-21).
Новы Запавет
У Евангеллі ад св. Мацвея Езус абвяшчае: «Не кожны, хто кажа Мне: «Пане, Пане», увойдзе ў Нябеснае Валадарства, але той, хто выконвае волю Айца Майго, які ў нябёсах. ... Таму кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і выконвае іх, будзе падобны да чалавека разумнага, які пабудаваў свой дом на скале. Пайшоў дождж, разліліся рэкі, падзьмулі вятры і ўдарылі ў дом той, а ён не ўпаў, бо пастаўлены быў на скале. Кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і не выконвае іх, будзе падобны да неразумнага чалавека, які пабудаваў свой дом на пяску. Пайшоў дождж, разліліся рэкі, падзьмулі вятры і ўдарылі ў дом той; і ён упаў, і падзенне яго было вялікае» (Мц 7,21.24-27).
Слова «выконваць», якое гаворыць аб высілку чалавека, яго дзейнасці, з᾽яўляецца ў гэтым тэксце ключавым. У Евангеллі паводле св. Яна Езус у размове з Нікадэмам рашуча кажа аб тым, як важна шукаць праўды і трываць у ёй (Ян 3,21). У іншым месцы Хрыстус, адабраючы адказ вучонага ў Законе, дае канкрэтную параду: «Так рабі, і будзеш жыць» (Лк 10,28).
У святога Яна чытаем: «Як Мяне палюбіў Айцец, так і Я палюбіў вас. Заставайцеся ў Маёй любові. Калі будзеце захоўваць Мае запаведзі, застанецеся ў любові Маёй, як і Я захаваў запаведзі Айца Майго і застаюся ў Ягонай любові. Гэта Я сказаў вам, каб Мая радасць была ў вас, і каб радасць вашая была поўнай. Вось запаведзь Мая, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас» (Ян 15,9-12).
У першым пасланні да Карынцянаў св. Павел прыводзіць нам «Правіла жыцця»: «Таму, мае ўмілаваныя браты, будзьце моцнымі, непахіснымі, заўсёды будзьце цалкам адданымі справе Пана і ведайце, што не дарэмная праца ваша ў Пану» (1 Кар 15,58).
У большасці сваіх пасланняў св. Павел заклікае да адновы самога сябе.
Благаслаўленні (Мт 5,3-12)
«Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае.
...
Шчаслівыя лагодныя, бо яны атрымаюць у спадчыну зямлю.
...
Шчаслівыя міласэрныя, бо яны спазнаюць міласэрнасць.
...
Шчаслівыя міратворцы, бо яны будуць названыя сынамі Божымі».
У пасланні да Рымлянаў (у 12 раздзеле) св. Павел дае практычныя парады.
«І не дастасоўвайцеся да гэтага веку, але перамяняйцеся праз абнаўленне розуму, каб вы пазналі, якая воля Божая, што добрае, прыемнае і дасканалае. Дзякуючы дадзенай мне ласцы, я кажу кожнаму, хто ёсць сярод вас, каб не думалі пра сябе лепш, чым трэба думаць, але ацэньвалі сябе цвяроза, паводле веры, удзеленай кожнаму Богам» (Рым 12,2-3).
«Благаслаўляйце тых, хто пераследуе вас, благаслаўляйце, а не праклінайце! Радуйцеся з тымі, хто радуецца, плачце з тымі, хто плача» (Рым 12,14-15).
«Любоў няхай будзе некрывадушнай. Майце агіду да зла, гарніцеся да дабра; любіце адзін аднаго братняю любоўю, апярэджвайце адзін аднаго ў ветлівасці, у руплівасці будзьце нястомныя, духам палымнейце, служыце Пану» (Рым 12,9-11).
«Нікому не адплачвайце злом за зло, але дбайце аб добрым перад усімі людзьмі. Са свайго боку, калі магчыма, жывіце ў спакоі з усімі людзьмі» (Рым 12,17-18).
2. Правілы жыцця манаскіх супольнасцяў:
статут св. Бэнэдыкта
Пазнанне правілаў жыцця бэнэдыктынскіх манахаў дапаможа нам зразумець, як патрэбна развіваць сваё духоўнае жыццё дзякуючы «Правілу жыцця».
Dom Patrick, абат бэнэдыктынскага кляштару, у верасні 1996 года правёў канферэнцыю для Экіп:
«... Статут св. Бэнэдыкта быў акрэслены ва ўмовах, якія значна адрозніваюцца ад сучасных, але ён мае шмат агульнага з «Правілам жыцця», якое існуе зараз. Ён прызначаецца для тых, хто жадае быць разам, імкнецца разам ісці па жыцці, ствараць супольнасць ... Правілы ствараюцца не для таго, каб жыць паводле іх літары, але для таго, каб служылі для нас апорай у жыцці.
... Статут вучыць нас жыць любоўю, асабістай любоўю Хрыста, вынікаючай з Евангелля. Любоў развіваецца паступова і прыносіць практычны і адчувальны плён».
Статут св. Бэнэдыкта паказвае нам, як паступова ісці шляхам паслухмянасці. Ён паспяховы, таму што закранае ўсю асобу цалкам: розум, эмоцыі, цела і дух. Статут патрабуе высілку, але не настолькі вялікага, каб немагчыма было яго выканаць; ён заклiкае ісці шляхам вернасці.
3. Святыя
Св. Фаўстына кажа: «Божая воля – гэта любоў і міласэрнасць». Кожны з нас, выбіраючы асабістае «Правіла жыцця», адказвае на Божую любоў і міласэрнасць.
Св. Фаўстына прыводзiць прыклады «Правіла жыцця»: «Прыпамінаю табе, маё дзіця, што кожны раз, як пачуеш, што гадзіннік б᾽е трэцюю гадзіну, ты павінна акунуцца ў Маю міласэрнасць, услаўляючы і выхваляючы яе».
Св. Ян ХХІІІ напісаў: «Як і ўсе сужэнствы вы ведаеце жыццёвыя спакусы. Удзельнічаеце ў жыцці экіпы для таго, каб захавацца ад спакусаў і каб атрымаць падтрымку ў iх пераадоленнi. З дапамогай святара, праз святло веры, знойдзеце ў экіпе бясцэнную дапамогу ў адкрыцці патрэбаў духоўнага жыцця і звязаных з ім цяжкасцяў, з якімі будзеце змагацца як сужэнства i як бацькі на розных этапах жыцця».
4. Ксёндз Кафарэль
«Містыка (духоўнасць) Equipes Notre-Dame, каб быць жывой і трывалай, патрабуе прытрымлівацца правіла. Містыка і правіла, як душа і цела, не могуць абыходзіцца адно без другога; містыка павінна быць душой правіла; правіла – падтрымкай і абаронай містыкі. Правіла павінна быць дастаткова лёгкім, каб не абмяжоўваць асобы або місіі сужэнцаў; дастаткова патрабавальным, каб бараніць іх ад ляноты».
Ксёндз Кафарэль сказаў так: «... час ад часу мы павінны даследаваць нашае жыццё ў святле Божай волі. Нам трэба шчыра сябе запытаць, ці верныя мы Божай волі і, нарэшце, задумацца над пераменай жыцця, каб лепей яе рэалізаваць».
5. Эвалюцыя разумення «Правіла жыцця» паводле Карты
Цікава прасачыць этапы, якія прывялі да вызначэння «Правіла жыцця» ў рамках Руху.
У першыя гады пасля стварэння Руху духоўнае жыццё сужэнцаў фарміравалася дзякуючы выкананню некалькіх канкрэтных пунктаў высілкаў: сакрамэнты Споведзі і Эўхарыстыі, асабістая і сямейная малітва і спатканне ў сужэнстве, якое пазней назвалі «дыялог у прысутнасці Пана – сядзем разам».
У 1947 годзе,
у Карце было прапiсана некалькі «патрабаванняў» дзеля таго, каб напраўляць і падтрымліваць высілкі сужэнстваў; першым з іх, дарэчы, было выбар «Правіла жыцця».
«Без «Правіла жыцця», вельмі часта вольнасць кіруе рэлігійным жыццём сужэнцаў і робіць яго неўпарадкаваным. «Правіла жыцця» (кожны сужэнец выбірае сабе ўласнае) з᾽яўляецца нічым іншым, як вызначэннем высілкаў, якія кожны з сужэнцаў будзе прыкладаць, каб лепш адказаць на Божы заклік. Тут ідзе гаворка не аб памнажэнні абавязкаў, а толькi аб іх удакладненні, каб узмацніць волю і пазбегнуць адхіленняў».
(Les Equipes Notre-Dame ESSOR et mission des couples chrétiens)
У 1970 годзе,
«Правіла жыцця» прапiсалі ў больш шырокім сэнсе. Да правіла далучылі чалавечыя аспекты жыцця сужэнцаў, а само правіла аднеслi да асабістага сумлення. Было прапанавана, каб хрысціянскі аскетызм стаў часткаю хрысціянскага жыцця кожнага члена Руху Equipes Notre-Dame, аднак, аскетызм не патрэбна разглядаць у негатыўным сэнсе, але толькi як «чалавечае і духоўнае развіццё пад кіраўніцтвам Святога Духа».
(Les Equipes Notre-Dame ESSOR et mission des couples chrétiens)
Малітва і чытанне Божага Слова перастаюць быць часткай «Правіла жыцця», яны становяцца самастойнымі пунктамі высілкаў.
У 1976 годзе,
прымаецца рашэнне аб тым, што кожны, хто належыць да Руху Equipes Notre-Dam павінен штомесяц дбаць аб рэалізацыі «Правіла жыцця».
У 1988 годзе,
у дакуменце «Другое дыханне» «Правіла жыцця» вызначана як «запрашэнне да працы над асабістай святасцю і да адкрыцця праўды аб тым, кім мы з᾽яўляемся».
Гэты канкрэтны пункт высілку павінен асвойвацца паступова, з улікам асабістай сітуацыі. Яго рэалізацыя заўсёды патрабуе высілку, без падману самога сябе.
ІІ. Дзеля чаго патрэбна «Правіла жыцця»?
«Правіла жыцця» патрэбна, каб паступова пераадольваць перашкоды, якія перашкаджаюць па-сапраўднаму любіць Бога і нашых бліжніх.
1. З мэтай паляпшэння нашых адносін з Богам
ü каб паступова адкрываць Божую волю адносна кожнага з нас;
ü клапаціцца аб сваім духоўным узрастанні і больш рабіць тое, што падабаецца Богу, а не тое, што падабаецца нам;
ü развіваць уменне слухаць Бога і трываць у дыялогу з Ім, каб стаць здольнымі да прыняцця Божай любові, а таксама ўмець адказаць на Яго непараўнальна большую любоў;
ü заахвоціць самога сябе да пошуку падмацавання ў Божым Слове і ў Эўхарыстыі.
«Правіла жыцця» з᾽яўляецца моцным сродкам для навяртання. Яно заклікае нас да жыцця па-хрысціянску, аб чым так часта гаварыў кс. Кафарэль.
2. Дзеля дасканалення сябе
ü каб адкрываць свае моцныя і слабыя бакі, просячы Пана аб дапамозе ў дасканаленні талентаў і ў выпраўленні заганаў;
ü вучыцца рабіць выбар ідучы па жыцці і будаваць свае жыццё на гэтых выбарах - самааддана прысвячаць (давяраць) сябе жыццёвым выбарам. Прысвячэнне сябе (самааддача) гэта не тое самае, што прымушаць або быць прымушаным. Мы прысвячаем сябе свабодна, каб развівацца як у чалавечым, так і ў духоўным плане;
ü развіваць нашу здольнасць распазнаваць (добрае і дрэннае) і гатоўнасць да дасягнення вызначаных мэт;
ü каб зрабіць нас, напрыклад, менш імпульсіўнымі, менш эгаістычнымі, больш уважлівымі на патрэбы іншых, або нават дапамагчы лепей выражаць саміх сябе.
«Правіла жыцця» вядзе нас да адкрыцця саміх сябе і нашага паклікання.
3. Дзеля паляпшэння нашых адносін з бліжнімі
ü Разгледзець нашы сужэнскія ўзаемаадносіны і зрабіць выснову, як можна іх палепшыць;
ü Стаць больш адкрытымі на патрэбы тых, хто побач з намі, асабліва на патрэбы нашых сужэнцаў, а таксама на патрэбы нашых дзяцей і сям᾽і;
ü Паразважаць аб тым, як мы спаўняем нашы грамадскія і прафесійныя абавязкі, адшукаць адпаведныя спосабы дзеля iх паляпшэння. Такім чынам мы станем радаснымі сведкамі веры.
ІІІ. Як рэалізаваць «Правіла жыцця»?
1. «10 правіл» для рэалізацыі «Правіла жыцця»
1. «Правіла жыцця» – гэта асабісты выбар.
2. «Правіла жыцця» дапамагае ў распазнанні Божай волі.
3. Для рэалізацыі «Правіла жыцця» мы карыстаемся метадам малых крокаў. Бог сустракае нас там, дзе мы ёсць цяпер, каб нас прывесці да Сябе.
4. Калі мы хочам ўпэўнена крочыць па зямлі, трэба ставіць сабе высокія, амбіцыйныя, але рэалістычныя мэты.
5. У «Правіле жыцця» мы прытрымліваемся наступнага прынцыпу: мэты малыя, але дакладныя (дакладна акрэсленыя) і практычныя.
6. «Правіла жыцця» павінна быць цяжкім (адчувальным), але адначасова і эластычным.
7. «Правіла жыцця» павінна быць часовым, хоць бывае і так, што становіцца заданнем на ўсё жыццё.
8. «Правіла жыцця» патрабуе ад нас настойлівасці і актыўнай дзейнасці.
9. «Правіла жыцця», якое мы выбіраем, павінна адпавядаць узроўню развіцця кожнага з нас, узроўню развіцця кожнага сужэнства.
10. «Правіла жыцця» патрэбна рэгулярна аналізаваць для таго, каб адказаць сабе на пытанне: ці дапамагае яно нам у развіцці.
2. Перш чым выбраць «Правіла жыцця»
Малітва
* Распазнанне патрабуе цішыні і малітвы.
* Калі мы клічам Святога Духа, Ён дае нам параду і асвячае нас.
* Мы павінны быць уважлівымі, каб з пакорай адкрыцца на поўную любові Божую волю праз чытанне Божага слова і штодзённую малітву.
* Бог прамаўляе да нас і кажа нам, чаго ад нас чакае.
* Мы паступова усведамляем тое, як моцна нас Бог любiць: адкрыццё на любоў Хрыста заахвочвае нас да змены нашага жыцця.
Пазнанне самога сябе
* Неабходна рэгулярна правяраць сваё сумленне, праўдзіва і часам з адвагай адкрываць свае слабасці і сферы ўласнага жыцця, якія патрабуюць паляпшэння.
* Можна прапанаваць два метады. І адзін і другі аднолькава каштоўныя:
Адкрый свае заганы, якія трэба выправіць: у маіх адносінах з Богам, маім сужэнцам, маімі дзецьмі і з астатняй часткай маёй сям᾽і.
1 Заганы, якія лёгка заўважаю сам:
* Я не дастаткова цікаўлюся поспехамі нашых дзяцей у школе;
* Я не дастаткова часу прысвячаю на забавы з імі;
* Я вельмі часта і проста злуюся;
* Я часта занядбоўваю малітву або Божае Слова;
* Я ўвесь вольны час прысвячаю толькі сабе.
2 Заганы, якія заўважаю толькі тады, калі на іх зверне маю ўвагу мой сужэнец, мая экіпа, Божае Слова, а часам, заўважаю іх сам выпадкова:
* Я вельмі мала цікаўлюся тым, чым захапляецца мой сужэнец, што для яго важнае;
* Я п᾽ю празмерна алкаголь.
Распазнай дар Божага жыцця, якое атрымаў, і як клапаціцца пра яго развіццё:
Сведчанне 1. «Я чуў, што павінен жыць радасна, да гэтага мяне заўсёды заклікае Пан Бог у Святым Пісанні: «Радуйцеся заўсёды ў Пану. Яшчэ раз кажу: радуйцеся!» (Флп 4,4). Заўсёды, калі чытаю Божае Слова і сустракаю словы аб радасці, яны вельмі моцна ўзрушваюць маё сэрца. Ясна, што гэта Дух Святы просіць мяне дабавіць яшчэ больш радасці ў маё жыццё. Нават тады, калі іншыя гавораць мне, што я чалавек радасны, бачу, што маім «Правілам жыцця» павінна быць імкненне да яшчэ большай радасці пры любых абставінах».
Сведчанне 2. «Я адчуваю, што павінен вельмі ўважліва слухаць іншых. Працую над гэтым, але ўвесь час мне чагосьці не хапае. Трэба быць яшчэ лепшым слухачом».
Прасі дапамогі
Прасі пакорліва парады. Мы можам быць дрэннымі суддзямі для саміх сябе. Часам нам неабходна паглядзець на сябе вачыма іншых людзей.
Ніхто за нас не зробіць выбару «Правіла жыцця», але тыя, каго на нашым шляху паставіў Пан, могуць падказаць нам, чаго трэба асцерагацца, і таленты, якія нам трэба развіваць. Адпаведны выбар мы можам зрабіць параіўшыся са сваім мужам ці сваёй жонкай (асабліва падчас дыялогу ў прысутнасці Пана), ці звярнуўшыся за дапамогай да нашых святароў - Духоўных Дарадчыкаў, членаў нашай экіпы. Гэта ўзаемная дапамога павінна быць удзелена вельмі далікатна, з любоўю і цярплівасцю.
Аднак заўсёды найважнейшым з᾽яўляецца наша сумленне і наша вольная воля, з якіх і выплываюць нашыя правілы.
3. Як выбраць адпаведнае «Правіла жыцця»
Калі?
Канец дыялогу ў прысутнасці Пана ёсць добрым момантам каб выбраць «Правіла жыцця».
Сведчанне: «Пад канец нашага «Сядзем разам» мы прымаем «Правіла жыцця» згодна з тым, што высветлілася падчас дыялогу. Часам кожны з нас выбірае сваё асабістае «Правіла жыцця». Іншым разам выбіраем правіла адзін аднаму, а часам выбіраем адно агульнае «Правіла жыцця»».
Рэкалекцыі ствараюць добрыя ўмовы для рэвізіі свайго жыцця і аналізу асабістага ўзрастання.
Як выбраць адпаведны напрамак?
Каб жыць па-хрысціянску, дзякуючы Божай ласцы, наша «Правіла жыцця» павінна быць накіравана ў наступных трох напрамках:
*Бог: ці дазваляе мне «Правіла жыцця» адказваць на Божы заклік?
*Я: ці вызваляе мяне «Правіла жыцця» ад маіх слабасцяў, некарысных схільнасцяў, руціны?
*Мой бліжні: ці дапамагае мне «Правіла жыцця» рабіць дабро маім бліжнім, згодна з Божым заклікам? Я магу пачуць гэты заклік праз выпадкі, якія датычацца мяне, або праз маіх бліжніх.
Прыклады напрамкаў
Мы ўсе не можам мець аднолькавага «Правіла жыцця», паколькі мы розныя. Бог мае план для кожнага з нас.
Служыць перш за ўсё Богу
Духоўнае жыццё: цяжкасці ў адшуканні часу на малітву
* Устань штодзённа раней на 15 хвілін, каб памаліцца. Або адкладзі чытанне газеты і прагляд тэлевізара пакуль не памолішся. Чытай Божае Слова штодзённа. Схадзі на Святую Імшу на працягу тыдня.
Духоўная фармацыя: адчуваеш цяжкасці ў разуменні Божага Слова
* Чытай каментарыі да Божага Слова. Дзяліся адкрытым духоўным багаццем ад прачытанага Божага Слова з сужэнцам і з дзецьмі. Удзяляй больш увагі Божаму Слову ў нашым жыцці.
Я сам
Жыццёвая раўнавага: ці выпадкова не з᾽яўляешся так занятым працай або сваімі справамі, што занядбоўваеш свайго сужэнца, сваіх дзяцей.
* Ахвяруй ім свой вольны час. Плануй сваю актыўную дзейнасць так, каб вольнага часу хапіла на непрадугледжаныя выпадкі. Такая арганізацыя часу дазволіць пазбегнуць спакусы дасягнення эфектыўнасці любым коштам.
Занятасць: не будзь занадта заняты шматлікай актыўнай дзейнасцю , а лепш сканцэнтруй сваю ўвагу на тым, што робіш. Паспрабуй быць тут і цяпер.
Асабістае жыццё: распазнай свае недахопы і сканцэнтруйся на іх паступовым пераадоленні. Напрыклад: будзь больш пунктуальны, кладзіся раней спаць, прытрымлівайся Правілаў дарожнага руху, кінь курыць.
Маё асяроддзе
Сужэнства і сям᾽я: звяртай увагу на іншых, калі вяртаешся дадому пасля працы. Прысвяці свой час каб сустрэцца і выслухаць сваіх блізкіх нават тады, калі адчуваеш стомленасць. Рэгулярна арганізоўвай сумесныя выхады, выязды з сужэнцам або з усёй сям᾽ёй.
Жыццё ў экіпе: звяртай увагу на кожнага члена экіпы.
Падтрымлівай сувязь з іншымі экіпамі. Удзельнічай у мясцовых, нацыянальных і міжнародных спатканнях, якія арганізоўвае Рух END. Чытай інфармацыйныя бюлетэні (Ліст END, ...) і распавядай пра іх.
Прафесійнае жыццё: імкніся палепшыць ўзаемаадносіны з калегамі на працы. Сустракай іншых, заўважаючы ў іх, перш за ўсё, «чалавека». Будзь эмпатычны (эмпатыя – свядомае суперажыванне, спачуванне іншаму чалавеку ў ягоным эмацыянальным стане). Размаўляй з імі аб важных жыццёвых справах. Не гавары аб іншых дрэнна.
Супольнае жыццё: любі Касцёл і яго навучанне. Будзь добрым сведкам. Будзь больш ветлівы са святарамі і духоўнымі асобамі. Прымай удзел у жыцці Касцёла, сваёй парафіі і іх дзейнасці. Пазбягай неканструктыўнай крытыкі Касцёла і святароў, стаўся да іх дабразычліва.
Правіла жыцця ў сужэнстве
У асноўным «Правіла жыцця» з᾽яўляецца справай асабістай, але, часам, сужэнства можа выбраць сумеснае «Правіла жыцця», асабліва калі абодва сужэнцы маюць падобныя праблемы.
У такім выпадку сужэнцы могуць заахвоціць адзін аднаго да рэалізацыі «Правіла жыцця». Сувязь паміж імі будзе падтрымліваць іх.
«Правіла жыцця» не павінна засяроджваць нас толькі на асабістым узрастанні. Мы павінны таксама імкнуцца палепщыць наша сужэнскае, сямейнае і грамадскае жыццё.
Прыклад. Напэўна памылкай будзе, калі бацька свайго сямейства пастановіць ўсе нядзелі праводзіць за чытаннем тэкстаў Айцоў Касцёла і не будзе зважаць ніякай увагі на сваю сям᾽ю; падобную памылку дапусціць і маці, калі кожны вечар будзе праводзіць толькі за чытаннем Святога Пісання.
4. Як практыкаваць «Правіла жыцця»?
Вельмі карысна запісваць сваё «Правіла жыцця», гэта дазволіць ў наступным месяцы прыпомніць свае пастановы і праверыць іх рэалізацыю.
Выбірайце канкрэтнае «Правіла жыцця», рэалізацыю якога можна праверыць. Ставіць перад сабой вельмі агульную мэту (напрыклад: буду больш любіць свайго мужа (жонку)) заўсёды патрэбна, але гэта не будзе з᾽яўляцца «Правілам жыцця». «Правілам жыцця» будзе пастанова гаварыць кожны дзень: «Я цябе люблю».
Фармуліроўка мэты ў форме прыняцця канкрэтнага высілку з᾽яўляецца выражэннем нашай любові, напрыклад: цярплівае і з зацікаўленасцю слуханне аповеду жонкі пра дзяцей пасля вяртання з працы (чаго не любім, лепш паслухаць коратка, як справаздачу) будзе крокам у развіцці сапраўднай любові. «Правіла жыцця» павінна быць адчувальным і падлягаць верыфікацыі.
Штодзень падчас рахунаку сумлення адказвайце самому сабе на пытанне аб тым, ці ўдаецца рэалізоўваць «Правіла жыцця». Каб яно закаранілася ў нас, важна жыць ім штодзённа, абавязваючы сябе да яго выканання.
5. Штомесячны прагляд «Правіла жыцця»
Вельмі карысна кожны месяц ацэньваць, як змянілася наша жыццё, дзякуючы таму, што стараліся прытрымлівацца «Правіла жыцця», звярнуць увагу на цяжкасці, з якімі сустрэліся.
«Правіла жыцця» можа быць зменена ў тым выпадку, калі мы дасягнулі пастаўленай мэты, або калі з᾽явіліся нейкія абставіны, якія паказваюць на неабходнасць змены правіла. Гэта дапамагае нам яшчэ больш развівацца.
Алво і Мерседес Гомез-Ферэр (адказная пара ERI) падзяліліся наступнымі назіраннямі: «Мы павінны зразумець, што шлях духоўнага развіцця не заўсёды ідзе бесперапынна, ведучы нас да ўзрастання праз чарговыя поспехі. Часам мы вымушаны пачынаць усё як быццам з самага пачатку. Таму важна каб мы рэгулярна прыглядаліся да свайго «Правіла жыцця».
6. Як дзяліцца «Правілам жыцця» ў экіпе?
Мы павінны быць вельмі асцярожнымі ў спадзяванні толькі на нашы ўласныя высілкі. Дзяленне «Правілам жыцця» ў экіпе аднолькава важнае як для нас, так і для экіпы. Гэта дазваляе лепш зразумець нашу сітуацыю, падбадзёрыць іншыя сужэнствы да рэалізацыі пунктаў высілку, а таксама аказваць узаемную малітоўную падтрымку.
Мы не абавязаны раскрываць іншым наша «Правіла жыцця», але важна каб экіпа ведала аб тым, ці маем мы «Правіла жыцця» і ці імкнёмся яго рэалізаваць.
Калі мы вырашылі падзяліцца «Правілам жыцця» ў экіпе, то іншыя члены экіпы павінны праяўляць далікатнасць і разуменне.
Вельмі важна ставіцца з павагай да развіцця кожнай асобы на яе духоўным шляху.
IV. Цяжкасці
1. У выбары «Правіла жыцця»
Цяжкасці дапамагаюць распазнаць «Правіла жыцця», якое будзе спрыяць нам у нашым далейшым развіцці.
Перш за ўсё, трэба прыкласці намаганні, каб пазнаць саміх сябе.
2. Недахоп зацікаўленасці і ўнутранай дысцыпліны
Набыццё добрых навыкаў, пераадоленне нашых слабасцяў і заганаў патрабуе часу, звычайна некалькіх тыдняў і нават месяцаў. Часта аб гэтым мы не памятаем. Таму нават тады, калі нам здаецца, што мы не крочым наперад, мы павінны сістэматычна рэалізоўваць «Правіла жыцця».
3. Разуменне «Правіла жыцця» як мэты самой ў сабе
«Правіла жыцця» само па сабе не з᾽яўляецца мэтай, а толькі сродкам для ўзрастання. Мы павінны аддзяляць асабістае задавальненне ад дасягнення нашай мэты, ад радасці за лепшы водгук на Божую любоў і пакліканне.
4. Чаго належыць пазбягаць
1. Расчараванне
Бывае, што мы прыкладаем намаганні ў рэалізацыі «Правіла жыцця» і не бачым ніякага прагрэсу. У наша сэрца закрадаецца неахвота і з᾽яўляецца спакуса, каб адкінуць яго рэалізацыю. Тады павінны мы сабе прыпомніць, што самі мы нічога не можам, але ў Богу ўсё магчыма. Правільным рашэннем будзе даверыць Богу ў малітве наша правіла.
2. Канцэнтрацыя ўвагі на слове «правіла», а не на слове «жыццё»
Калі будзем глядзець на «Правіла жыцця» толькі праз прызму навязанай сабе дысцыпліны, замест таго, каб глядзець на яго праз прызму зменаў, якія яно здольна ўнесці ў нашае жыццё, то знішчым яго асноўны сэнс. Сэнс у тым, каб быць адкрытым на Божую любоў і квітнець у гэтай любові.
«Дапаможнік Equipes Notre-Dam» запрашае нас «з радасцю адказаць на Божы заклік любіць».
3. Упартасць
Іншай пагрозай з᾽яўляецца занадта ўпартае прытрымліванне «Правіла жыцця» нягледзячы на тое, што пастаянна церпім няўдачы. У такім выпадку, магчыма, лепш было б змяніць «Правіла жыцця», аднак гэта не азначае, што нельга праз некаторы час вярнуцца да таго цяжкага для нас правіла.
4. Калекцыяніраванне «Правілаў жыцця»
Іншае стаўленне, якое можа выклікаць пагрозу – гэта прыняцце чарговага «Правіла жыцця», нягледзячы на тое, што папярэдняе яшчэ не змаглі рэалізаваць па пэўных прычынах. У такім выпадку мы павінны зрабіць выбар. Безумоўна мы не павінны адначасова рэалізоўваць занадта шмат правілаў. Гэта можа стварыць рызыку таго, што мы не выканаем ні аднаго.
5. Забыванне папярэдняга «Правіла жыцця»
Калі мы прымаем наступнае «Правіла жыцця», таму што папярэднае дасягнулі, мы павінны працягваць развіваць гэта дасягненне.
Наступныя «Правілы жыцця» павінны будавацца на тых, якія ўжо ўдалося рэалізаваць, на нашых мінулых поспехах, на нашым вопыце.
V. Плёны
1. Плёны нашага адзінства з Богам
1. Узрастанне ў любові і пазнанні Бога
Наша пазнанне Бога абмежавана чалавечым разуменнем. Калі мы развіваем нашу любоў да Бога, тады мы паглыбляем наша ўсведамленне Яго бясконцай любові да нас.
2. Уменне слухаць, што Бог да нас прамаўляе
«Правіла жыцця» дапамагае зразумець, што перашкаджае нам будаваць адносіны з Богам. Дзякуючы яму, мы імкнёмся больш уважліва прыслухоўвацца да таго, што прамаўляе да нас Бог. Уменне слухаць развіваецца, калі практыкуем кожны з іншых канкрэтных пунктаў высілкаў.
2. Плёны ва ўласным развіцці
1. Выхаванне характару і волі
«Правіла жыцця» дапамагае нам узмацняць нашыя добрыя рысы характару і пазбаўляцца ад дрэнных.
2. Пераадоленне шкодных звычак, нашага эгаізму
Бог мае для кожнага з нас свой план. «Правіла жыцця» дапамагае нам ісці наперад па дарозе да святасці.
3. Плёны, звязаныя са стылем нашага жыцця
1. Заставацца на шляху ўзрастання
Альпіністы, якія жадаюць дасягнуць вяршыні, не могуць сабе дазволіць бязмэтна вандраваць па гарах. Яны павінны вельмі дакладна вызначаць мэты і сцежкі, па якіх павінны ісці. Ім трэба рэгулярна спыняцца, каб правяраць сваё месца знаходжання.
Сапраўды, такім самым чынам «Правіла жыцця» можа дапамагчы нам на нашым чалавечым і духоўным шляху.
2. Адшукаць большы спакой
Паглыбленне нашага малітоўнага жыцця і выпраўленне заганаў, дасягнутыя дзякуючы «Правілу жыцця», могуць напоўніць нас супакоем. Гэта добра паўплывае на нашага сужэнца, сям᾽ю і нават нашу экіпу.
3. Узрастаць у любові да нашых бліжніх
Чэрпаючы з велізарнай любові, якой адорвае нас Бог, мы напаўняемся любоўю да Яго, а гэта спрыяе таму, што расце любоў да нашых бліжніх.
Святая Тэрэза Авільская гаворыць нам так: «любоў да тых, каго бачым навокал нас, ёсць знакам нашай любові да Бога, Якога не можам убачыць».
VI. Падсумаванне
«Правіла жыцця» дапамагае зрабіць рэвізію тых аспектаў нашага жыцця, якія патрабуюць зменаў або выпраўлення. Яно дапамагае ўбачыць тое, што рэальна важнае ў нашым жыцці, заклікае нас жыць у праўдзе і развівае нашы здольнасці да адносінаў, зносінаў, спагады і радасці. Заахвочвае нас да ажыўлення нашай духоўнасці і да распазнання Божай волі. Адкрывае нас на Божую любоў і міласэрнасць.
«Правіла жыцця» мае асабісты характар для кожнага члена экіпы, але час ад часу ў сужэнстве можа быць прынята адно супольнае «Правіла жыцця». Яно павінна быць практычным, дакладна сфармуляваным і рэгулярна правярацца. Паказвае нашы дасягненні, якія як арыенціры вызначаюць наша становішча. Дапамагае нам жыць згодна з Евангеллем і адказваць на наша пакліканне.
Для тых, хто думае, што дасягнуць святасці вельмі цяжка, «Правіла жыцця» з᾽яўляецца простым і практычным спосабам, з дапамогай якога можна стаць на дарогу святасці. Тым, хто адчувае ў сэрцы моцны заклік да святасці, «Правіла жыцця» дазваляе з радасцю адказаць на гэты голас.
Ключавыя словы
Высілак |
Прастата |
Мэта |
Эластычнасць |
Дасягненне |
Настойлівасць |
Пакора |
Мэтанакіраванасць |
Дакладны |
Воля |
Практычны |
Святасць |
Канкрэтны |
Пакліканне |