“Гэты баль быў нейкім асаблівым: утульным, спакойным, рамантычным”. У Паўночным Сектары Руху END адбыўся Пяты сужэнскі Баль
19 лістапада ў Паўночным Сектары Руху END адбыўся Пяты сужэнскі Баль, у якім прянялі ўдзел 14 сужэнстваў з Мінска, а таксама 2 пары даехалі з Лагойска і Новай Мышы.
Баль сапраўды атрымаўся. Напэўна, дзякуючы таму, што гэта была супольная праца як прадстаўнікоў экіпы Сектара, так і ўсіх удзельнікаў. Мы вельмі ўдзячныя усім, хто прыклаў свае намаганні, каб гэты баль стаў сапраўдным святам.
Прыгожая зала, смачны пачастунак, задавальненне ад танцаў – усё гэта патрабавала папярэдняй падрыхтоўкі. Асабліва цікавай атрымалася віктарына па веданню нашага Руху. На некаторыя пытанні нават не ведалі адказу. Зараз ўжо ведаем! Але гэта таксама стымул цікавіцца Рухам, яго гісторыяй і развіццём як у свеце, так і на Беларусі.
Вельмі прыемна, што да нас далучыліся новыя пары. За кароткі час падрыхтоўкі засвоілі танцы, і было бачна іх задавальненне.
Гэтым разам да нас з Новай Мышы даехалі Генадзь і Лілія Гарбуновы. Яны былі найстарэйшымі ўдзельнікамі балю. Але іх энтузіязм, радасны запал і энэргія сведчаць аб сапраўднай маладосці гэтага сужэнства!
Былі сярод удзельнікаў і наймалодшыя – Багдан Ваяводскі, якому толькі яшчэ споўніцца 3 месяцы. Ён танцаваў у пары з бабуляй. А таксама дзіцятка ва ўлонні мамы, якое чакае сужэнства Бекіш з Лагойска.
Хацелася б таксама сказаць, што наш баль, хоць вельмі прыгожае і велічнае мерапрыемства, аднак самае каштоўнае ў ім – гэта людзі. Супольнасць сужэнстваў, якая будуецца і ўзмацняецца, дзякуючы такому адпачынку. Усмешкі, жарты, грацыёзныя рухі, прыгожыя строі – усё гэта будуе адпаведную атмасферу.
Насамрэч, з матэрыяльнага боку ў арганізацыі мы кіруемся прынцыпамі хрысціянскай аскезы. Гэтым разам фотаздымкі, відэа і гук узялі на сябе дзеці нашых экіпаўцаў – Багдан Сырыца, Маша і Даша Манчынскія. Дзякуючы іх дапамозе ў нас засталіся прыгожыя ўспаміны.
Прыгожая сукенка, прычоска, макіяж – у супольнасці гэтыя пытанні вырашаюцца вельмі лёгка. Узаемадапамога! Адно з ключавых прынцыпаў Руху. Трэба толькі папрасіць.
Падарункі, зробленыя свамі рукамі, з натхняльным подпісам – таксама сведчаць аб тым, што найбольш каштоўнае – гэта любоў і цеплыня сэрца. Дзякуем добраму Богу за нашу супольнасць, за ўсіх людзей, якіх ставіць на нашай дарозе, за благаслаўленне і апеку над намі!
Хвала Пану!
Прапануем вам некалькі сведчанняў ад саміх удзельнікаў балю.
Петрашкевіч Уладзімір і Кацярына:
“Пасля балю засталіся вельмі прыемныя ўражанні.
Дзякуючы рэпетыцыям, якія праводзіліся раней, мы адчувалі сябе камфортна. Але нам здаецца, што некаторыя танцы можна танцаваць і без рэпетыцый, яны лёгка запамінаюцца. Некаторыя былі і крыху цяжэйшыя.
Вельмі запомнілася наша цудоўная атмасфера, знаёмствы, усмешкі, прыгажосць, якая адлюстроўвалася ва ўсім.
Гэта быў наш пяты баль і мы спадзяемся, што яшчэ патанцуем і не раз. Калі ёсць магчымасць такога адпачынку, трэба ўдзельнічаць і цешыцца такімі момантамі разам з любімым чалавекам і сябрамі.
Парам, якія хочуць далучыцца, але саромеюцца ці баяцца, можам сказаць, што трэба рабіць крок уперад ў сваім жыцці, знаходзіць радасць у такіх момантах. Далучайцеся, вельмі прыемна бачыць новыя пары і знаёміцца”.
Барадзіны Андрэй і Вольга:
“Дзякуй вялікі за арганізацыю балю. Ён прайшоў на адным дыханні. Нам усё вельмі спадабалася. Танцы, забавы, асвятленне, пачастункі, а якія ўсе былі прыгожыя...
Калі сярод шэрых звычайных дзён не хапае яркіх колераў, эмоцый, настрою, блізкасці з каханым, на балі ўсё гэта атрымліваеш спаўна. Канешне, нам прышлося прыкласці шмат намаганняў: хадзіць на рэпетыцыі, выбіраць адзенне, прысвячаць свой вольны час, але гэта ўсё апраўдана.
Вольга: З дзяцінства марыла адчуць сябе Папялушкай на балі. Адчуванні ад кожнага балю заўсёды розныя, напэўна залежаць і ад уласнага ўнутранага стану і настрою. Гэты баль быў нейкім асаблівым: утульным, спакойным, рамантычным. Можа нават лепш было скончыць крыху раней, каб пакінуць пачуцці: "я хачу больш", "я не хачу сыходзіць".
Бекіш Таццяна і Андрэй:
“Водгук хіба не змесціць усю маю падзяку, любоў і павагу. Калі мы збіраліся на наш першы баль, я была ініцыятарам і нават можна сказаць - "цягнула за вяроўку Андрэя", не звяртаючы ўвагі на ўвесь яго супраціў.
На ГЭТЫ баль я пайшла, каб зрабіць прыемнымнае яму, бо ён быў ІНІЦІЯТАРАМ, хоць я не была ўпэўненая, што вытрымаю... Але з Божай дапамогай усё прайшло выдатна.
Я дагэтуль танцую з музыкай унутры. На балі, я не памятаю канкрэтна танца і музыкі (была павольная), я цалкам растварылася ў ёй.... і зразумела - якая я шчаслівая і нашае дзіцятка ўнутры - час спыніўся! Цяпер пішу і адчуваю, як мурашкі па скуры пайшлі ад успамінаў! Дзякуй вам вялікі!”
Ваяводскія Артур і Кацярына:
“Пяты юбілейны сямейны баль для нашай сям'і стаў чацвёртым. Мы вельмі чакалі чарговага балю і, вядома, хацелі паўдзельнічаць у такой важнай, проста грандыёзнай падзеі!!! На рэпетыцыі нажаль не атрымлівалася пайсці, але мы разумелі, што нейкі вопыт ў нас ёсць.
Было прынята сумеснае рашэнне - мы безумоўна ідзем на баль! А маленькага сына мы бяром з сабой разам з бабуляй.
Баль прайшоў на адным дыханні, нягледзячы на час, прысвечаны кармленню і догляду за сыночкам. Прыгожая і насычаная танцавальная праграма, чароўна аздобленая зала, віктарына, забаўляльныя гульні, фуршэт, і нават падарункі - усё на вышэйшым узроўні!
Дзякуем матулі за дапамогу і падтрымку ў такім важным для нас мерапрыемстве. Мама, дарэчы, пад вялікім уражаннем! Падчас нашых танцаў яны з унучком танчылі разам з намі!
Дзякуем арганізатарам, што падаравалі нам чарговую казку!”
Салодкі падарунак кожнаму удзельніку ў выглядзе карабліка. І таксама арганізатарам ад усіх удзельнікаў.
Каб паглядзець фатаграфіі ў добрай якасці перайдзице па спасылцы: Фатаграфіі ў добрай якасці
Тэкст - Алена Шымак.
Фота - Сырыца Багдан, Марыя Манчынская, удзельнікі балю.
Відэа - Марыя Манчынская.






