Падрыхтоу́ка да 20-годдзя Руху END

Шаноўныя сем’і END, дарагія духоўныя дарадчыкі!

Сёлета наш Рэгіён адзначае 20-годдзе існавання Руху END на Беларусі. З гэтай нагоды хочам перш за ўсё падзякаваць Добраму Богу за пакліканне кожнага з нас да святасці дарогай фармацыі менавіта ў гэтай супольнасці, а таксама падзякаваць за 20 год службы Руху END у справе евангелізацыі каталіцкіх сем’яў нашай краіны. Галоўная ўрычыстасць адбудзецца 07.09.2024 у Нясвіжы.

Дарагія сябры, для больш поўнага і глыбокага перажывання святочнай нагоды заахвочваем кожнага добра духоўна падрыхтавацца і прасіць Бога аб багатыя плёны на будучыню ў нашых суполках і для нашага Руху. Таму прапануем усім Вам некалькі ініцыятываў, улучаючыся ў якія мы зможам сёлетнюю гадавіну адзначыць велічна, прыгожа і пабожна.

 

Перш за ўсё заахвоваем да асабістай і супольнай малітвы за наш Рух і сем’і END, асабліва падчас рэгулярных спатканняў суполак на працягу ўсяго года.

 

Заахвочваем таксама здзейснiць пілігрымку падзякі да санктуарыяў у вашых дыяцэзіях ці ў Будслаў. Назва Руху - Суполкі Маці Божаў - і нашая Марыйная пабожнасць у асаблівы спосаб падкрэслівае ролю Марыі ў сямейным жыцці і ва ўзрастанні ў любові да Бога і бліжніх, як гэта рабіла Яна.

Яшчэ адна прапанова – пажадана адбыць адмысловыя дні засяроджанасці на ўзроўні паасобных экіп ці вызначаных рэгіёнаў. Падчас такога малітоўнага спаткання падзякаваць Богу за ўсе атрыманыя ласкі, якімі на працягу гісторыі кожнай сям’і надзяліў нас Бог. Шчыра перапрасіць за грахі, занядбанні выканання эндаўскіх абавязкаў і нявернасці перад Богам і сужэнцам. Заносіць з даверам просьбы, даручаючы будучыню нашых сем’яў і развіццё Руху ў Беларусі і ва ўсім свеце. Трываць нейкі час супольна на малітве перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам,  паспавядацца, прыняць удзел у Святой Эўхарыстыі. Аднавіць сужэнскiя абяцанні, як гэта рабiлi падчас прыняцця Карты END. Супольна заспяваць ці прачытаць Magnificat. Няхай таксама духоўныя дарадчыкі ўдзеляць кожнай сям’і асабістае святарскае благаслаўленне.

Прапануем наступны парадак правядзення такіх дзён засяроджанасці ў паасабных частках нашага Рэгіёну:

 

Люты          -        Мінск

Сакавік       -        Барысаў

Красавік     -        Пінск

Май            -        Лагойск

Чэрвень      -        Баранавічы і Новая Мыш

Ліпень        -        Негарэлае

Жнівень      -        Нясвіж і Ганцавічы

 

Спадзяёмся, што гэтыя духоўныя і малітоўныя ініцыятывы нанова распаляць нашыя сэрцы і руплівасць вернага выканання дадзеных абяцанняў, а праз гэта будуць для кожнай сям’і надзейнай дарогай да святасці і нагодай сведчання ўсім тым, хто шукае Бога.

Злучаемся ў малітоўнай еднасці перад Панам і аддаёмся пад апеку Марыі, нашай апякункі. Тваёй абароне аддаёмся…

 

кс. Андрэй Лысы SChr

духоўны дарадчык Рэгіёнy

 

 

 ФОТА ГАЛЕРЭІ
Хвала Хрысту!

Зараз 87 госцяў анлайн

Вітаем Вас на старонцы Equipes  Notre-Dame – Суполкі Маці Божай. З’яўляемся беларускім рэгіёнам міжнароднага руху сужанскай духоўнасці Equipes Notre-Dame, галоўная мэта якога – дапамога хрысціянскім сем’ям найбольш поўна перажываць сакрамант шлюбу.

+375333829439